Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

История, традиции, достижения учреждения образования

 ГІСТОРЫЯ

Вёска Бракава існуе ў рукапісных крыніцах з 17 стагоддзя. У 1667 годзе  - маёнтак у Аршанскім уездзе, уласнасць шляхціча.

Дакладна невядома, чаму Бракава так называецца. Існуе меркаванне, што сюды пасялялі непакорных сялян, нібы бракованых. У 1880 годзе налічвалася 75 двароў, 478 жыхароў. У 1894 годзе была адкрыта царкоўна-прыходская школа, якая ў пачатку 1918 годзе была ператворана ў земскую. У 1897 – вёска 105 двароў, 784 жыхары, мелася царкоўна-прыходская школа, пастаялы двор, царква, 2 мельніцы.

У пачатку 1930-х гадоў пачатковая школа была ператворана ў сямігадовую.

З успамінаў Меляшковай Аксінні Клімаўны, жыхаркі вёскі Бракава:

У школу я пайшла ў 1909 г. Будынак школы ў той час быў размешчаны на месцы будынка канторы калгаса імя Калініна. Насупраць школы была царква. Школа была царкоўна-прыходская, чатырохгадовая. У 4-м класе здавалі экзамены і выдавалі пасведчанне аб заканчэнні школы.

Займаліся па два класы разам: у адным пакоі два класы і ў другім два. Вучылі два настаўнікі – Ніжэвіч і Казлоў. Поп Іван Сінякоў быў за дырэктара і прыходзіў на ўрокі ў якасці правяраючага. Былі ў яго і свае ўрокі “Закона божага”. У школе вывучалі толькі рускую мову, матэматыку і геаграфію. У 1 і 2 класах вывучалі “Закон божы” па стараславянскіх кнігах. У 3 і 4 класах – па стараславянскай кнізе “Псалтыр”. Вёў гэтыя ўрокі святар. Быў у школе харавы гурток спеваў, яго вёў псаломшчык, які падбіраў вучняў на галасах.

Кожны вучэбны дзень пачынаўся з малітвы “Цару нябеснаму”. Клас уставаў і ўсе спявалі малітву. Заканчваўся вучэбны дзень малітвай “Дзякую табе, божа наш”. У дзень было па чатыры ўрокі. Пасля трох урокаў – адна гадзіна на абед, а потым яшчэ адзін урок. Хадзілі ў школу ў лапцях, з торбамі. У школе быў суровы парадак, прымяняліся цялесныя пакаранні”.

У Княжыцах у той час была 7-гадовая царкоўна-прыходская школа. Яе выпускнікі вучылі ў пачатковай школе. У вёсцы Сухары была вышэйшая царкоўна-прыходская школа.

У 1918 годзе школа была аддзелена ад царквы, Бракаўская царкоўна-прыходская школа была зачынена.

З успамінаў Камковай Марыі Мікітаўны, жыхаркі вёскі Бракава 1926 года нараджэння:

“У 30-х гадах Бракаўская сямігодка размяшчалася ў будынку царкоўна-прыходскай школы і дзвюх прыбудовах. Будынкі прыбудоў былі прывезены пасля раскулачвання кулакоў. Адно было на месцы, дзе зараз знаходзіцца помнік, а другое – дзе зараз будынак пошты. У Бракаўскую школу хадзілі вучні з вёскі Булыжыцы. Вучняў было шмат, было па два паралельныя класы. Дырэктарам у той час быў Галанаў Міхаіл Анісавіч, настаўнік гісторыі. Яго жонка, Галанава Серафіма Яфімаўна выкладала заалогію, хімію і фізіку. Казлова Надзея Якаўлеўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры. Цыранкоў Сяргей Яфімавіч  вёў беларускую мову і літаратуру. Шанцова Анастасія Фёдараўна – настаўніца геаграфіі. Лініч Зінаіда Пятроўна – настаўніца пачатковых класаў, Цыркуноў Цімафей Сямёнавіч вёў беларускую, рускую і нямецкую мовы.

Адзнакі ў дзённіках ставіліся не лічбамі, а пропісам: “выдатна”, “добра”, “пасрэдна”, “дрэнна”, “вельмі дрэнна”. Было другагодніцтва, нават да трох гадоў пакідалі ў адным класе. Пасля першай чвэрці вучняў,  якія дрэнна вучыліся перасаджвалі назад у папярэдні клас. Пачынаючы з чацвёртага класа і ў наступныя амаль па ўсіх прадметах у канцы года здавалі экзамены”.

           У час Вялікай Айчыннай вайны школа не працавала. Усе тры будынкі яе былі спалены партызанамі дзеля таго, каб немцы не засталіся ў вёсцы і не размясцілі свой штаб.

Некалькі настаўнікаў пайшлі на фронт, іншыя сталі падпольшчыкамі, партызанскімі сувязнымі. Падпольную работу з камсамольцамі ўзначалілі былы дырэктар школы Галанаў Міхаіл Анісавіч і настаўніца геаграфіі Шанцова Анастасія Фёдараўна. Яны сталі сувязнымі ў партызан. Ролю сувязной таксама выконвала і настаўніца пачатковых класаў Лініч Зінаіда Пятроўна. Шмат хто пасля вайны не вярнуўся ў школу. Загінуў на фронце Цыранкоў Сяргей Яфімавіч. Лініч Зінаіду Пятроўну фашысты зверскі закатавалі за сувязь з партызанамі. Разам з ёй загінула і яе сястра Таіса з сынам. Іх закапалі ў зямлю жывымі. Геройскі загінуў на фронце 6 чэрвеня 1944 года настаўнік рускай, беларускай і нямецкай мовы Цыркуноў Цімафей Сямёнавіч.

Ужо з першых дзён фашысцкай акупацыі настаўніца Бракаўскай сямігодкі Шанцова Анастасія Фёдараўна арганізавала вакол сябе сваіх вучняў Рэпетуева Мікалая, Цюльмянкова Уладзіміра, Рэпетуеву Надзею з мэтай распаўсюджвання сярод насельніцтва зводак Савінфармбюро, збору зброі, разведдадзеных.

З успамінаў Шанцовай Анастасіі Фёдараўны:

Калі пачалі рухацца нямецкія войскі, а нашы стаялі ў лесе каля пасёлка Іскра, у першую ноч руху немцаў мяне праз вучня Бракаўскай школы Рэпетуева Мікалая вызваў лейтэнант Арцюхоў і прасіў весці назіранне і ўлік за перасоўваннем нямецкіх частак, а ўначы перадаваць яму, што мы і рабілі па чарзе з Мікалаем, а пазней да нас далучыўся і Цюльмянкоў Уладзімір.

Два тыдні хлопцы збіралі прыёмнік і, нарэшце, вельмі ціха, але можна было слухаць Маскву. Як толькі пачаліся баі пад Масквой, дзеці сталі запісваць зводкі Інфармбюро і прыносілі мне. Я ўдакладняла назвы населеных пунктаў, адзначала лінію фронта на карце.

Зводкі мы сталі перапісваць і падкідваць паліцэйскаму, стражніку, нават самому бургамістру Цалабёнку, які вызываў мяне да сябе і патрабаваў, каб я па почырку даведалася, хто пісаў зводкі. Бумагі не было, таму пісалі на нямецкіх лістоўках, на газетах, нават на старых абрэзках. Калі закончыліся баі пад Масквой, дзеці напісалі цэлыя плакаты і развесілі высока на царкве, таксама занеслі зводкі ў Таўпечыцы і Ермалавічы.

Акрамя работы са зводкамі мы збіралі зброю і боепрыпасы. У нас у патайніку было каля 20 вінтовак і каля 500 патронаў. Зброя была рознага ўзору. Пасля гэта было перададзена ў 122-гі партызанскі атрад”.

Гэта адважная жанчына вяла вялікую работу па ўкараненню сваіх людзей у паліцыю Княжыцкага гарнізона з мэтай перахода паліцыі на бок партызан, мела сувязь з падпольшчыкамі г. Магілёва і, самае галоўнае, з восені 1942 года да сакавіка 1943 года адзін-два разы на тыдзень ноччу прабіралася ў партызанскую зону ў раён Гарадзішча для перадачы разведдадзеных.

З успамінаў Шанцовай Анастасіі Фёдараўны:

Летам 1942 года было вырашана паслаць Цюльмянкова Уладзіміра, Рэпетуева Мікалая і Сілкова Мікалая – настаўніка малодшых класаў, жыхара вёскі Бракава, служыць у Княжыцкую паліцыю. Яны атрымалі заданне працаваць над пераводам усяго Княжыцкага гарнізона ў партызаны.

Агульны напрамак у рабоце быў такі: у першую чаргу працаваць з кулямётчыкамі, паколькі гэта быў самы інтэнсіўны від агню на ўзбраенні паліцыі. Працаваць ячэйкамі так, каб кожны ведаў не больш 3-4 чалавек, а тыя ў сваю чаргу ведалі б па 3-4 чалавекі дзеля канспірацыі. Я прасіла Княжыцкіх падпольшчыкаў, каб тыя таксама вывучалі паліцэйскіх, запрашалі іх да сябе, вывучалі іх характар, а самае галоўнае – ці думаюць яны загладзіць сваю віну перад Радзімай. Ужо праз месяц былі завербаваны восем кулямётчыкаў і адзін камандзір узвода паліцэйскіх”.

У ноч на 13 марта адбылася важная падзея ў яе жыцці. Яе праца аказалася недарэмнай – Княжыцкі паліцэйскі гарнізон перастаў існаваць, значная большасць былых паліцэйскіх папоўнілі рады партызан. У тую ноч сама Шанцова і шмат жыхароў вёскі Бракава пайшлі ў партызаны. З гэтага часу яна стала палітруком у партызанскай брыгадзе “За Радзіму”.  Гэту дзівосную жанчыну ў атрадзе ўсе ведалі і любілі за яе мужнасць, розум, высакароднасць, за тое, што яна больш усяго любіла сваю Радзіму, свабоду, свой народ.

Цыркуноў Цімафей Сямёнавіч да вайны працаваў настаўнікам у Бракаўскай сямігадовай школе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, з першай мабілізацыяй пайшоў на фронт. Ваяваў у партызанскім атрадзе, які называўся “Тарасаўскім”, а пасля 122 п/полк. 6 чэрвеня 1944 года каля станцыі Латва быў пушчаны пад адхон нямецкі поезд. Калі атрад вяртаўся з задання, ён папаў у засаду ў вёсцы Селішча, дзе і загінуў.

Лініч Зінаіда Пятроўна, настаўніца пачатковых класаў Бракаўскай сямігадовай школы. У часы вайны была сувязной партызанскага атрада № 122. За гэта і была замучана фашыстамі.

Пасля вызвалення Беларусі, дырэктарам Бракаўскай школы некаторы час была Галанава Серафіма Філімонаўна. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе дырэктарам стаў Галанаў Міхаіл Анісавіч, які выкладаў гісторыю. У 1946 годзе Галанаў з’ехаў працаваць у г. Магілёў, а дырэктарам быў прызначаны Сырадоеў, які таксама выкладаў гісторыю. Затым з 1947 года дырэктарам школы быў Папкоў Сяргей Васільевіч .

У школе працавалі настаўнікі: Маісеенка Кацярына – выкладала беларускую мову і літаратуру, Сарокіна Марыя Афанасьевна – матэматыку, Кнышова Лідзія Якаўлеўна – батаніку і заалогію, Сцяпанчыкаў Віктар Ігнацьевіч – выкладаў урок фізічнай культуры.

           З 1948 года дырэктарам школы быў Гондрусеў Міхаіл Прохаравіч.

           З успамінаў Цалабёнак Марыі Адамаўны 1921 года нараджэння, настаўніцы пачатковых класаў: “Пасля вайны будынкаў школы не засталося, таму вучыць даводзілася ў дамах Меляшковых, Асецкіх, Храмянковых. Час быў цяжкі. Вучні хадзілі ў школу басанож, у лапцях, з торбамі, не хапала адзення. Сшыткаў і кніг не было. Два буквары было на 45 чалавек. Разліноўвалі абгортачную бумагу, пісалі на газетах паміж строчак. Але вельмі стараліся вучыцца, надакучыла быць непісьменнымі. У класах было шмат вучняў, былі пераросткі. У першы клас прыходзілі дзеці 7-і, 8-і, 10-і, 11-і гадоў”.

          З 1950 г царква пачала перабудоўвацца пад школу. У 1952 годзе Бракаўская школа пачала сваю работу ў будынку царквы.

          З успамінаў Коцікава Адама Сафонавіча, былога дырэктара школы:

“Дырэктарам у Бракаўскую школу я быў прызначаны 11.01.1949 года замест Гондрусева Міхаіла Прохаравіча. Ішоў у школу без усялякага жадання, таму што ведаў, якія там цяжкія ўмовы: класы знаходзіліся ў наёмных сялянскіх хатах. Школа налічвала шэсць класа-камплектаў. Тры камплекты пачатковых класаў і тры пятыя класы. Вучні сядзелі ў класах за самаробнымі “козлікамі”, якія часта ламаліся, паколькі былі не збітыя цвікамі, а звязаныя дротам. Трэба было вывесці школу з наёмных дамоў. Гэтую задачу я выканаў за два гады. Была пабудавана невялікая школа: пяць класаў і настаўніцкая. Школа была забяспечана мэбляй, падручнікамі. У 1952 годзе быў першы выпуск. Гэта была вялікая радасць для вучняў і іх бацькоў”.

Гэты здымакдае нам магчымасць убачыць настаўнікаў і вучняў таго часу. Злева направа сядзяць: Васількоў Васілій Анісімавіч – настаўнік фізкультуры, Коцікаў Адам Сафонавіч – дырэктар школы, Свістунова Вольга Ігнацьеўна – настаўніца рускай мовы, Галавач Людміла Васільеўна – настаўніца матэматыкі, Папкоў Сяргей Васільевіч – настаўнік рускай мовы, Косаў Леанід Іванавіч – настаўнік нямецкай мовы, Лісаў Міхаіл Якаўлевіч – настаўнік геаграфіі. У трэцім радзе стаяць Іванова Марыя Фядосаўна і Лісава Ганна Баляславаўна – настаўнікі пачатковых класаў.

З успамінаў настаўніка гісторыі Зайцава Генадзія Аляксандравіча :

“У 1966 годзе ў Бракаўскай 8-гадовай школе працавалі настаўнікі: Коцікаў Адам Сафонавіч – дырэктар школы, Сцяпанчыкаў Віктар Ігнатавіч – настаўнік фізкультуры, Магдалава Ніна Філіпаўна – настаўніца пачатковых класаў,  Лісава Ганна Баляславаўна – настаўніца пачатковых класаў, Коцікава Паліна Сцяпанаўна – настаўніца пачатковых класаў, Марчанка Лідзія Васільеўна – настаўніца матэматыкі, Палітаў Мікалай Мікалаевіч – настаўнікаў фізікі, Кожэрава Вольга Захараўна – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Лініч Ніла Пятроўна – настаўніца спеваў і малявання, Савіцкая Ніна Якаўлеўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры, Пятрова Еўдакія Паўлаўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры, Качулка Уладзімір Якаўлевіч – настаўнік працы, Лісаў Міхаіл Якаўлевіч – настаўнік геаграфіі, Сцяпанчыкава Надзея Ігнатаўна – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, Хадасевіч Валянціна Васільеўна – настаўнік біялогіі, Радзіеўскі Ігнат Альфонсавіч – завуч школы, настаўнік матэматыкі, Цюльмянкова Люсьена Віктараўна – старэйшая піянерважатая.

Школа ў той час знаходзілася ў двух будынках, заняткі праходзілі ў дзве змены. У першую змену ў асноўным займаліся вучні з вёсак Селішча і Таўпечыцы. Дабірацца гэтым школьнікам было цяжка, падвозу не было. Дарога была жахлівая: восенню і вясной – гразь, зімой – снег. У школе не было ніякіх зручнасцей, вадаправода, атапленне было пячное. На два памяшканні былі тры тэхработнікі, заўхоз і два істапнікі. Усяго вучняў было 198 чалавек. Харчаванне для школьнікаў не было арганізавана.

Настаўніцкая і кабінет дырэктара былі ў адным памяшканні (4х5 м). У настаўніцкай стаяла два сталы і некалькі крэслаў. Працаваць было даволі складана. Нарады, педсаветы праходзілі позна вечарам. Пасля заканчэння кожнай чвэрці праводзіліся бацькоўскія сходы па населеных пунктах. Вяртацца назад, напрыклад, з Таўпечыц прыходзілася каля 12 гадзін ночы. Але настаўнікі не наракалі, працавалі, была нейкая мэтанакіраванасць, калектывізм. У школе часта адзначаліся святы, праводзілася вялікая работа па ідэалагічнаму выхаванню мясцовага насельніцтва. Часта выступалі з лекцыямі перад працаўнікамі калгаса.

Летам 1973 года Коцікаў Адам Сафонавіч пайшоў на пенсію. Потым дырэктарамі школы былі: Шныцікаў А.Ф., Дуброўскі В.І., пры якім была праведзена работа па ліквідацыі печак, якія яшчэ заставаліся ў класах пасля ўстаноўкі паравога атаплення”.

 Тарасенка Ганна Мікалаеўна падзялілася ўспамінамі пра сваё дзяцінства і маладосць:

 “Я, Тарасенка Г.М., жыхарка в. Бракава Магілёўскага раёна, дзе нарадзілася і пражыла доўгі час. Працавала ў школе. Хачу расказаць пра сваё жыццё. Нарадзілася ў сям’і сялянскага паходжання ў 1931 годзе. Мой бацька, Цюльмянкоў Мікалай Малахавіч, 1899 года нараджэння таксама нарадзіўся і рос тут. Ажаніўся ён на Меляшковай Алене Цярэнцьеўне. Бацькі закончылі царкоўна-прыходскую школу. Маці хадзіла ў царкоўны хор і там мела вялікі поспех, што потым дапамагло ёй у жыцці. Дома яна ўмела рабіць усё: і шыць, і прасці, і ткаць, і вышываць. Дзяцей у нашай сям’і было чацвёра, я  самая малодшая.

У 30-я гады ў часы калектывізацыі бацькі не хацелі ісці ў калгас. Шкада было расставацца з усім нажытым сваёй працай. За гэта ўлады прыпісалі бацьку палітычны артыкул і саслалі ў ссылку як кулака, а нас раскулачылі. Забралі ўсё: дом, які нядаўна пабудавалі, 3 каровы, свіней, каня і нават адзенне. Засталіся мы ні з чым. Жылі ў лазні. Было нас 7 чалавек: дзядуля Малах, баба Марфа, матуля і чацвёра дзяцей. Сусед Маісеенка Нікіфар і іншыя добрыя людзі дапамаглі скласці печ і грубку.

У ссылцы бацька працаваў на будоўлі Беламорканала. Перахварэў на дызентэрыю, ад якой памерла шмат людзей. Вярнуўся дамоў у 1937 годзе з вельмі падарваным здароўем. Ён не пайшоў працаваць у калгас, таму што быў пакрыўджаны на ўладу. Працаваў будаўніком.

У 1938 годзе я пайшла ў першы клас Бракаўскай школы. Потым пачалася вайна. Усіх, хто быў прызыўнога ўзросту, прызвалі ў армію. Некаторыя ішлі ў партызаны. Але былі і здраднікі, якія дапамагалі немцам. Бацька быў сувязным з партызанскім разведчыкам Тарасенкам Іванам Антонавічам і яго дачкой Мельнікавай Тамарай Іванаўнай.

У 1944 годзе, калі нас вызвалілі нашы воіны, у вёсцы Бракава запрацавала школа. Вучыліся мы ў дамах мясцовых жыхароў. Пакуль закончыла 7 класаў, правучылася ў 12 – 15 дамах.

У 1948 годзе я паступіла ў Магілёўскае дзяржаўнае дашкольнае педвучылішча. Вельмі складаны быў час. Каб эканоміць грошы, якія давалі бацькі, хадзіла пешшу па 20 км. У 1952 годзе была накіравана на працу выхавацелем у дзіцячы дом у Камунарах Касцюковіцкага раёна. Там я працавала тры гады. Працаваць было складана. Вахаванцамі маімі былі адны хлопчыкі малодшага ўзросту і падлеткі ад 15 да 17 гадоў, якія засталіся без бацькоў.

У 1950 годзе я пабралася шлюбам з Тарасенкам Аркадзіем Аляксеевічам, які быў родам з суседняй вёскі Дубрава. А ў 1956 годзе мы вярнуліся да сябе на радзіму ў в. Бракава. Сваякі дапамагалі нам пабудаваць свой дом. Я працавала ў Бракаўскай школе бібліятэкарам і справаводам. У 1961 годзе паступіла завочна ў Магілёўскі педінстытут на аддзяленне пачатковых класаў, а з 1963 года працавала настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Таўпечыцы. У школе было 4 класы па 23 - 25 вучняў у кожным. З 1967 года і да ўходу на пенсію працавала ў Бракаўскай НСШ”.

 У тыя гады ў школе адбылася падзея вельмі памятная для ўсёй вёскі. У 1966 годзе піянеры дружыны Бракаўскай школы пад кіраўніцтвам Пятровай Еўдакіі Паўлаўны, настаўніцы рускай мовы, завязалі перапіску з Героем Савецкага Саюза А. Марэсьевым. У выніку чаго вясной 1968 года А. Марэсьеў наведаў нашу школу, сустрэўся з нашымі піянерамі.

Аб гэтым выпадку расказала былая настаўніца нашай школы Мамойка Валянціна Мікалаеўна: “У той сонечны дзень 15 мая школа была перапоўнена. Не толькі дзеці, але і дарослыя з хваляваннем чакалі знаёмства з А.П. Марэсьевым. Многім было цяжка паверыць, што ў глухую вёску прыедзе Герой Савецкага Саюза. Гэта была сапраўдная сенсацыя. І вось з шырокай усмешкай да вяскоўцаў выйшаў Аляксей Пятровіч. Ён пытаўся пра імёны дзяцей, паціскаў руку, абдымаў і цалаваў дзяцей.

У гонар прыезду А.П. Марэсьева быў арганізаваны ўрачысты збор піянерскай дружыны. У самым вялікім класе сабраліся атрады ў параднай форме. Усе з цікаўнасцю слухалі расказ Аляксея Пятровіча аб тым, што выпала на яго долю. У канцы збора ён быў прыняты ў пачэсныя піянеры піянерскай дружыны імя А. Кашавога”.

 З успамінаў Зайцава Генадзія Аляксандравіча:

“Дырэктарам у Бракаўскую школу я быў прызначаны 1.08.1976 г. замест Дуброўскага Уладзіміра Іванавіча. Першае ўражанне аб школе было непрыемнае: у школе не быў закончаны рамонт, будынкі былі няўтульнымі, мэбля старога ўзору. Задача, якую я паставіў перад сабой – стварыць належныя ўмовы для працы настаўнікаў і вучняў. Ужо на наступны год быў зроблены якасны рамонт асноўнага будынка школы.

          Была наладжана цесная сувязь з праўленнем калгаса імя Калініна, што  дазволіла яшчэ праз год  зрабіць капітальны рамонт будынка пачатковых класаў.  Маючы яшчэ і будынак фінскага доміка, мы змаглі працаваць у адну змену. Дзякуючы клопату старшыні праўлення Карман Дзмітрыя Аляксандравіча, уся школа, а гэта 154 вучні, сталі харчавацца бясплатна за кошт калгаса імя Калініна. Вялікая ўвага надавалася эстэтычнаму выхаванню вучняў. Пры школе была адкрыта музычная школа. Там вучні вучыліся іграць на фартэпіяна, баяне, скрыпцы, быў арганізаваны духавы аркестр.

 У 1984 годзе пачалі будаваць спартыўную залу, якую закончылі ў 1986 годзе. У школе работала піянерская дружына, якая насіла імя Героя Савецкага саюза Алега Кашавога. У дружыне было 4 піянерскія атрады, дзве акцябрацкія групы, камсамольская арганізацыя. У дружыне вялася значная пошукавая работа, папаўняўся матэрыяламі школьны музей.

У 1984 годзе калектыў Бракаўскай школы налічваў 12 чалавек.

З сакавіка 1987 года па ліпень 1990 года прыходзілася працаваць у калгасе імя Калініна сакратаром партыйнай арганізацыі. У жніўні 1990 года зноў стаў працаваць дырэктарам школы замест Сідарэнкі Мікалая Паўлавіча.

Гэта быў час вялікіх перамен, узрушэнняў, якія дакаціліся і да нашай школы. У канцы лістапада, невядома па якой прычыне, згарэў асноўны будынак школы. Але нягледзячы на тое, што прыйшлося працаваць у прыстасаваных памяшканнях у дзве змены, школу збераглі. Збераглі яе калектыў, яе традыцыі. Са жніўня 1993 года дырэктарам школы стала Казлова Валянціна Віктараўна”.

      З успамінаў дырэктара школы Казловай Валянціны Віктараўны:

1 верасня 1993 года я была прызначана на пасаду дырэктара Бракаўскай базавай школы. Гэты ясны сонечны дзень у памяці быццам ўчора. Урачыстая лінейка, радасныя школьнікі з букетамі кветак, бацькі, настаўнікі, госці. Вельмі хвалявалася, разумеючы якая адказнасць, новыя абавязкі і цяжкасці чакаюць мяне наперадзе.

Былы асноўны будынак школы згарэў яшчэ ў 1990 годзе, і займаліся мы ў прыстасаваных памяшканнях старога ФАПа, у будынку праўлення калгаса. Але і ў гэтых умовах стараліся ствараць для нашых школьнікаў утульнасць, нармальныя ўмовы для вучобы. Захавалася спартыўная зала, побач са школай знаходзіўся сельскі клуб. Гэта трохі дапамагала наладзіць вучэбна-выхаваўчы працэс.

 З чэрвеня 1995 года калгас імя Калініна ўзначаліў Бажкоў Іван Уладзіміравіч. Дзякуючы яму ў канцы 1995 года пачалося будаўніцтва новай школы, а першага верасня 1996 года адбылося свята адкрыцця школы. Гэты дзень назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю нашай школы. Урачыстая лінейка праходзіла ў новай тыповай цудоўнай школе. Гэта было самае лепшае свята ў гісторыі нашай вёскі. Прыгожы сучасны будынак сустрэў школьнікаў, педагогаў, бацькоў, шматлікіх гасцей.

 На свяце прысутнічалі старшыня Магілёўскага райвыканкама Кандратаў Пётр Андрэевіч, Кавалёва Тамара Мікалаеўна – зараз (2005 г) намеснік міністра адукацыі, заведуючы раённым аддзелам адукацыі Магілёўскага райвыканкама Клапкоў Сяргей Грыгор’евіч, старшыня Княжыцкага сельскага савета Кулакова Тамара Мікалаеўна і інш.

У гэтым жа годзе з базавай наша школа стала сярэдняй”.

На прыступках новай школы настаўнікі (злева направа): Бярозкіна Галіна Рафаілаўна, Скорабагатая Марыя Іванаўна, Мамойка Валянціна Мікалаеўна, Фамічонак Тамара Аляксандраўна, Зайцава Святлана Аляксееўна, Сямёнаў Аляксандр Мікалаевіч, Апалькава Галіна Іванаўна, Меляшкова Святлана Мікалаеўна, Глушанкова Людміла Леанідаўна, Пракоф’ева Святлана Васільеўна, Васількова Ніна Мікалаеўна.

           З успамінаў настаўніцы пачатковых класаў Бярозкінай Галіны Рафаілаўны: “У 1972 годзе я скончыла  БДУ, аддзяленне фізікі. Спачатку працавала ў г. Слаўнае. Школа была вялікая, вяла я шмат гадзін – 36. Працаваць было цікава. У сакавіку 1974 года выйшла замуж. Па размеркаванню мужа мы прыехалі ў в. Бракава. Я працавала настаўнікам фізікі і піянерважатай. Пасля таго, як вярнулася з дэкрэтнага водпуску ў 1977 годзе я стала працаваць настаўнікам фізікі і выхавацелем групы падоўжанага дня. У 1986 годзе адкрыўся дзіцячы садок і мяне запрасілі працаваць выхавацелем. У 1990 годзе згарэў асноўны будынак школы, і два пачатковыя класы сталі вучыцца ў будынку садка, а два – у будынку сталовай калгаса імя Калініна. У верасні 1995 года я зноў прыйшла працаваць у Бракаўскую школу настаўнікам пачатковых класаў. Да адкрыцця новай школы мы працавалі ў будынку сталовай, а з 1996 года – у новай школе, якая стала сярэдняй. Працавала там да выхаду на пенсію. Мне падабалася працаваць і ў дзіцячым садку, і ў старэйшых класах, але калі б зараз выбіраць куды пайсці працаваць, я б аддала перавагу пачатковым класам. Мне падабаліся дзеці гэтага ўзросту, іх цікаўнасць да ўсяго. Раней дзеці любілі чытаць, нават некаторыя хавалі пад партай кнігу і ўпотай чыталі на ўроку. Я прапанавала дзецям зрабіць куток кнігі. Яны прыносілі свае любімыя кнігі, мы разам іх чыталі, абменьваліся, абмяркоўвалі. Цяпер такой цікаўнасці, на жаль, няма. Усе мае трое дзяцей скончылі нашу Бракаўскую школу, а зараз тут вучыцца ў 10 класе ўнучка Дар’я”.

  З успамінаў выпускніцы школы і настаўніцы рускай, беларускай мовы і літаратуры Быкавай Вольгі Аляксееўны:

У маёй сям’і ніхто не быў звязаны з педагогікай: бацька – шафёр, маці – заатэхнік. Але я з самага дзяцінства марыла стаць настаўнікам. Сэрцам абрала сабе гэтую прафесію і ні разу не пашкадавала аб гэтым. Школа – гэта ўсё маё жыццё, увесь мой лёс. Я нарадзілася ў в. Бракава Магілёўскага раёна. Вучылася ў Бракаўскай сярэдняй школе, пра якую ў мяне засталося шмат цёплых успамінаў.

Гэта быў 1993 год. Памятаю, як радасна мне было хадзіць на свае першыя ўрокі, нягледзячы на тое, што школа знаходзілася далёка, за 3 кіламетры ад дома. Тады школьных аўтобусаў не было, і мы хадзілі пешшу. Раніцай на заняткі мяне заводзіў старэйшы брат. Я любіла ісці па шырокай цэнтральнай вуліцы міма возера, шматлікіх дамоў, дрэў і дапякаць брата дурнымі, на яго думку, пытаннямі… Непрыкметна мы падыходзілі да скрыжавання і паварочвалі направа – да роднай школы, якая ў той час складалася з некалькіх будынкаў (два навучальныя будынкі і спартыўная зала). Вярталася дадому ўжо з аднакласніцай Кацяй. Вось толькі часу на дарогу сыходзіла ў разы больш, чым раніцай. Амаль кожны дзень мы наведвалі нашых сябровак – мясцовых бабуль, якія расказвалі розныя цікавыя гісторыі, казкі, рабілі лялек з ручнікоў. Часам мы хадзілі па ваду да калонкі, за гэта нас частавалі смачнымі гасцінцамі: сушанымі яблыкамі і грушамі. Хутка праляцелі тры гады. У чацвёртым класе мы перайшлі ў доўгачаканую новую школу з утульнымі класамі, прасторнымі актавай залай, спартыўнай залай і вялікай сталовай, дзе пяклі смачныя аладкі з абляпіхавым варэннем, ягады для якога мы збіралі самі ў калгасным пітомніку.

Мая першая настаўніца Вольга Аляксееўна, чалавек светлай душы і шчырага сэрца, знаходзіла падыход да кожнага вучня ў класе (нас было 18!). Яна падтрымлівала і развівала нашы таленты, вучыла адказнаму і добрасумленнаму стаўленню да працы. Ужо ў пачатковых класах я цвёрда вырашыла, што буду настаўніцай, нездарма ж у мяне такія самыя імя і імя па бацьку.

А колькі яшчэ было настаўнікаў, якія давалі нам не толькі веды па сваіх прадметах, але і вучылі, як паводзіць сябе ў жыцці! Ніна Мікалаеўна Васількова – мой настаўнік рускай мовы і літаратуры. Яе паважалі і баяліся адначасова. Ніна Мікалаеўна настолькі цікава і зразумела выкладала прадмет, што я хутка вырашыла, на які факультэт буду паступаць.

Кожны навучальны год у любімай школе быў па-свойму цікавы. У памяці назаўжды захаваліся творчыя канцэрты, паходы з начлегам, экскурсіі і, канешне, тэматычныя дыскатэкі.

Пасля заканчэння МДУ ім. А.А. Куляшова я вярнулася працаваць у родную школу. Мае былыя настаўнікі сталі для мяне добрымі калегамі і вернымі сябрамі. Вось ужо больш за 10 гадоў я працую настаўнікам беларускай, рускай мовы і літаратуры ў Бракаўскай школе, дзе заўсёды адчуваю падтрымку і дапамогу ва ўсім. У былым 2020 годзе ў нашу школу пайшла мая дачка Карына.

 Мы раскажам пра некаторыя значныя падзеі ў нашым школьным жыцці, якія адбыліся ў апошнія гады.

Такой падзеяй безумоўна стала адкрыццё 25 красавіка 2005 года гісторыка-краязнаўчага музея. Адкрыццю музея папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа па зборы матэрыялаў. Былы настаўнік гісторыі, першы кіраўнік музея Зайцаў Генадзій Аляксандравіч расказаў, што было прынята рашэнне асноўнымі матэрыяламі музея зрабіць звесткі аб земляках, якія ваявалі ў гады ВАв, хто быў у партызанах, падпольных групах.  Быў сабраны матэрыял аб тым, як жылі нашы землякі ў гады акупацыі, які ўнёсак зрабілі ў аднаўленне разбуранай гаспадаркі франтавікі, якія вярнуліся пасля Перамогі ў сваю вёску.

Першай выпускніцай, якая закончыла нашу школу с залатым медалём, стала Мамойка Людміла Мікалаеўна. Яна прыйшла ў школу ў 1989 годзе. Адзіная дзяўчынка ў класе, яна добра вучылася па ўсіх прадметах, але больш за ўсё любіла матэматыку, удзельнічала ў конкурсах, алімпіядах. Закончыла Княжыцкую школу мастацтваў па класе фартэпіяна. Займалася парашутным спортам.

Пасля заканчэння школы ў 1999 годзе паступіла ў БДСГА ў г. Горкі на эканамічны факультэт па спецыяльнасці “Сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны”

У 2014 годзе школу з залатым медалём закончыла Сцяпанчыкава Марыя (на здымку – другая справа), а ў 2016 годзе – Грачыха Любоў.

 У 2019 годзе адразу тры вучаніцы, Анішчанка Анастасія, Раманенка Марына і Хурцыдзэ Ангеліна закончылі школу з залатым медалём. 30% залатых медалістаў Магілёўскага раёна ў тым годзе былі нашы!

  У 2017 годзе ў піянерыі быў юбілей – 95 гадоў. Менавіта гэтай даце быў прысвечаны Міжнародны злёт піянераў “Заўсёды гатовы!”, які праходзіў у Мінску 18 – 20 мая. У ліку дэлегатаў злёту ад Магілёўскай вобласці былі і вучні ДУА “Бракаўскі ВПК яслі-сад – сярэдняя школа”.

Вучні 9 класа Почэп Ксенія, Кім Ангеліна, Раманенка Марына і Хурцыдзе Ангеліна былі ўдзельнікамі заключнага канцэрта. На сцэне Белдзяржфілармоніі яны выконвалі песню “Мы ўступаем у піянеры” ў рамках прэзентацыі альбома “Піянерская дваццатка”. Гэту песню напісала намеснік дырэктара па ВР Глушанкова Людміла Леанідаўна разам са сваёй дачкой Аленай, і, дзякуючы падтрымцы многіх нашых сяброў, сваякоў, калег, а таксама ўсіх педкалектываў Магілёўскага раёна, гэта песня ўвайшла ў дваццатку лепшых песень краіны.

 Урачысты мітынг, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнай дошкі легендарнай падпольшчыцы Шанцовай Анастасіі Фёдараўны, адбыўся 6 сакавіка 2019 года. На мітынгу прысутнічалі госці: прадстаўнікі раённай улады, абласных і раённых грамадскіх арганізацый, унук Анастасіі Фёдараўны Шанцовай Ігар Генадзьевіч Чыкун. Права адкрыць мемарыяльную дошку памяці Анастасіі Фёдараўны Шанцовай было прадастаўлена Генадзію Аляксандравічу Зайцаву, былому настаўніку гісторыі нашай школы, Віктару Фёдаравічу Пінчуку, старшыні Магілёўскага раённага Савета  ветэранаў, і Ігару Генадзьевічу Чыкуну. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць усіх загінуўшых у гады вайны. Да мемарыяльнай дошкі дзеці усклалі чырвоныя гваздзікі – сімвал мужнасці, храбрасці, пераадолення цяжкасцей.

  Жаночы вакальны ансамль, які з 2001года носіць назву “Мелодыя”, існуе ў нашай школе з 1985 года. Амаль ўвесь гэты час кіраваў ансамблем Пісанкоў Васіль Мікалаевіч, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў па класе баяна. У 2020 годзе ансамбль адзначыў свой 35-гадовы юбілей! За гэты час у складзе ансамбля працавалі больш за 20 чалавек, а старажылы цяперашняга складу спяваюць у ансамблі больш за 20 гадоў.

Ансамбль не толькі арганізоўваў канцэрты для мясцовага насельніцтва, але і ўдзельнічаў у шматлікіх смотрах, конкурсах, фестывалях. У рэпертуары ансамбля лірычныя, народныя песні, класічныя творы. Таксама шмат прыгожых песень, якія напісаў кіраўнік ансамбля.

Дзякуючы настаўнікам Бярозкінай Галіне Рафаілаўне і Зайцаву Генадзію Аляксандравічу, мы змаглі сабраць шмат звестак пра нашу школу і аформіць першы альбом у 2005 годзе. Гэта праца была высока ацэнена - мы сталі пераможцамі рэспубліканскага этапу конкурса “Мая школа ў асобах і падзеях”. У тым ужо далёкім 2005 годзе педагагічны калектыў быў наступны:

                 

 Сядзяць (злева направа): Паўтаран Святлана Іосіфаўна – настаўнік пачатковых класаў, Анішчанка Галіна Мікалаеўна – настаўнік рускай мовы і літаратуры, Лабанава Галіна Леанідаўна – настаўнік хіміі і біялогіі, Казлова Валянціна Віктараўна – дырэктар школы, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, Глушанкова Людміла Леанідаўна – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік матэматыкі, Гаўрыленка Таццяна Аляксандраўна – педагог-арганізатар, настаўнік англійскай мовы, Васількова Ніна Мікалаеўна – настаўнік беларускай і рускай мовы і літаратуры, Бярозкіна Галіна Рафаілаўна – настаўнік пачатковых класаў, Пракоф’ева Святлана Васільеўна – старшыня прафкама, настаўнік фізвыхавання, Марковіч Анастасія Генадз’еўна – настаўнік-дэфектолаг, Емельянава Галіна Віктараўна – настаўнік музыкі і малявання;

Стаяць: Маслянкова Алена Леанідаўна – сакратар, Сямёнаў Аляксандр Мікалаевіч – сацыяльны педагог, настаўнік фізвыхавання, Сідарэнка Вера Іванаўна – настаўнік пачатковых класаў, Васількоў Сяргей Леанідавіч – завуч, настаўнік фізікі і інфарматыкі.

          З таго часу калектыў педагогаў неаднаразова змяняўся, нехта пайшоў на пенсію, прыходзілі маладыя педагогі. Цяпер у нас працуе шмат выпускнікоў нашай  школы.

      Калектыў ДУА “Бракаўскі ВПК яслі-сад – сярэдняя школа” 2022 года:

     

Сядзяць (злева направа): Нікалаенка Кацярына Уладзіміраўна - настаўнік гісторыі, Капашылава Наталля Аркадзьеўна - настаўнік пачатковых класаў, Паўтаран Святлана Іосіфаўна - настаўнік пачатковых класаў, Глушанкова Людміла Леанідаўна - намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік матэматыкі, Кускоў Аляксандр Аляксандравіч - дырэктар, Лапыка Наталля Аляксандраўна - намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік гісторыі, Бакулева Наталля Леанідаўна - настаўнік інфарматыкі, Анішчанка Галіна Мікалаеўна - настаўнік рускай мовы і літаратуры.

Стаяць: Быкава Вольга Аляксееўна - настаўнік рускай, беларускай мовы і літаратуры, педагог-арганізатар, Маргунова Вікторыя Генадзьеўна - настаўнік хіміі і біялогіі, Саннікава Валерыя Аляксандраўна - настаўнік матэматыкі, Меляшкова Святлана Мікалаеўна - настаўнік пачатковых класаў, Чумакова Марыя Сяргееўна - настаўнік пачатковых класаў.

         Мэтай стварэння летапісу нашай установы адукацыі з’яўляецца развіццё ўсебаковага даследавання гісторыі Бракаўскай школы, працоўнага шляху настаўнікаў і выпускнікоў школы; расшырэнне краязнаўчага руху сярод вучняў, зберажэнне памяці аб значных старонках гісторыі вёскі, школы.

         Для напісання летапісу я выкарыстоўвала матэрыялы альбома аб Бракаўскай СШ, альбома “Мая школа ў асобах і падзеях”; сустракалася з былымі настаўнікамі і выпускнікамі школы, брала інтэрв’ю, рабіла фатаграфіі. Шмат цікавага расказала мне (Корзун Дар’е Анатольеўне, вучаніцы 10 класа) мая бабуля Бярозкіна Галіна Рафаілаўна, былая настаўніца пачатковых класаў нашай школы, мая маці – Бярозкіна Наталля Міхайлаўна, выпускніца школы, а таксама намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Глушанкова Людміла Леанідаўна, якая працуе ў школе амаль 30 год.

Мы ганарымся сваімі дасягненнямі, лепшымі настаўнікамі і выпускнікамі, імкнемся зберагаць і памнажаць назапашаны досвед, традыцыі школьнага калектыва.